Зварот калектыва Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Калектыў Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі занепакоены падзеямі, якія адбываюцца ў апошнія дні ў нашай краіне. Ужыванне гвалту ў дачыненнні мірных грамадзян і масавыя затрыманні пасля 9 жніўня 2020 г. не маглі пакінуць абыякавымі работнікаў архіва. У ліку затрыманых аказаліся нашы калегі навукоўцы, работнікі сферы культуры і адукацыі, у тым ліку карыстальнікі чытальных залаў архіва, сваякі і блізкія многіх супрацоўнікаў.
Паколькі ўсе слаі беларускага грамадства зацікаўлены ў падтрыманні правапарадку і захавання законнасці, мы заклікаем кіраўніцтва краіны:
– забяспечыць грамадзянам захаванне правоў і свабод, гарантаваных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, якія не парушаюць правапарадак і правы іншых грамадзян Рэспублікі Беларусь, а таксама права на атрыманне, захаванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі;
– даць прававую ацэнку парушэнням, дапушчаным у ходзе выбарчай кампаніі;
– вызваліць з месцаў прымусовага ўтрымання ўдзельнікаў акцый пратэста, затрыманых пасля 9 жніўня 2020 г., і забяспечыць аб'ектыўны і неперадузяты разгляд іх спраў;
– спыніць ужыванне гвалту з боку прадстаўнікоў органаў правапарадку і, у прыватнасці, выкарыстання спецсродкаў у дачыненні да мірных дэманстрантаў і журналістаў;
– правесці расследаванне і даць прававую ацэнку фактам збіцця удзельнікаў акцый пратэста і гвалту у дачыненні асоб, затрыманых за ўдзел у іх, а таксама дзеянням, якія прывялі да гібелі дэманстрантаў.
Гэтыя захады дазволяць пазбегнуць далейшага росту напружанасці і будуць спрыяць устанаўленню ў беларускім грамадстве атмасферы дыялога і ўзаемаразумення.
Як захавальнікі шматвекавой дакументальнай спадчыны нашага народа, перакананы, што ацэнку дзеянняў усіх бакоў любых канфліктаў заўсёды дае аб'ектыўны і неперадузяты суд Гісторыі. Лёс кожнага грамадзяніна важны для будучыні ўсёй краіны.
Источник: Национальный исторический архив Беларуси