Хто ўваходзіць у камісію, якая пазбавіла акрэдытацыі замежных журналістаў
Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз
патлумачыў Свабодзе, што рашэньне аб пазбаўленьні акрэдытацыі замежных журналістаў было прынята на падставе прадстаўленьня Мiжведамаснай камiсii бясьпекі ў інфармацыйнай сфэры пры Савеце бясьпекі Рэспублікі Беларусь.
Камісія створаная ўказам Аляксандра Лукашэнкі ў лістападзе 2017 году. Яна працуе пры Савеце бяспекі Рэспублікі Беларусь, а ўзначальвае яе Уладзімер Арчакоў, намеснік дзяржсакратара СБ. Апошні раз яе склад зьмяняўся 20 траўня 2020 году.
Паводле Эўрарадыё, у камісію ўваходзяць прадстаўнікі Савета бясьпекі, Сьледчага камітэту, Мінабароны, МУС, ААЦ, КДБ. А таксама Андрэй Кунцэвіч і Вольга Шпілеўская — з Адміністрацыі прэзідэнта; Віталь Краснабаеў — з прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі; Сяргей Несцяровіч — зь Мінсувязі; Яўген Шастакоў — зь Міністэрства замежных справаў; Ігар Марзалюк — дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня камісіі адукацыі, навукі і культуры; Усевалад Янчэўскі — кіраўнік Парку высокіх тэхналогій.
Удзельнічаюць у яе працы і супрацоўнікі дзяржаўных мэдыя: Дзьмітры Жук — галоўны рэдактар дзяржаўнай газэты «Беларусь сегодня», Аляксандар Карлюкевіч — галоўны рэдактар дзяржаўнай газэты «Звязда» (раней ён увайшоў у склад камісіі як міністар інфармацыі), Марат Маркаў — кіраўнік АНТ.