
Да касцёла з поўначы і поўдня прылягаюць Г-падобныя крылы кляштара, якія ствараюць амаль сіметрычны франтальны фасад усяго комплексу, што надае яму параднасць і строгую ўрачыстасць. Але на самай справе крылы комплексу зусім не аднолькавыя і не сіметрычныя, што абумоўлена іх розным функцыянальным прызначэннем. Паўднёвае крыло, дзе жылі манашкі, большае па аб’ёме, мае калідорную сістэму планіроўкі і разнастайную структуру памяшканняў. Тут на першым паверсе знаходзіліся асобны ўваход у кляштар, капліца для манашак, гасцінныя "ізбы", сталовая і кухня, "месцы сакрэтныя", а на другім паверсе — келлі манашак і настаяцельніцы, бібліятэка, капітула і навіцыят. Меншае па памерах паўночнае крыло комплексу, прызначанае для паненак свецкіх, што выхоўваліся пры кляштары, мела асобны ўваход з тарца будынка, калідорна-галерэйную сістэму планіроўкі з часткова аднабаковым размяшчэннем жылых і вучэбных памяшканняў. Відавочна, што рознасць функцый паміж крыламі комплексу і іх ізаляванасць паміж сабою прадугледжваліся ад пачатку.