
Праблема, як заўжды, у даверы. Давер цяжка здабыць і лёгка страціць. Давер — гэта такая крохкая рэч, якой лёгка маніпуляваць звонку, асабліва, калі ты ў апазыцыі, безь вялікай грамадзкай падтрымкі і пад пільным вокам спэцслужбаў. Ведаю, бо сам калісьці трапляў пад уплыў і дазваляў сабой ускосна маніпуляваць.
Чаму гэта адбываецца? Уладам нявыгадна, каб Дзень Волі прайшоў супольна, выйшла шмат людзей на вуліцы. Летась яны страўлівалі каманду Статкевіча з арганізатарамі Опэрнага. Сёлета зноў, супрацьпастаўляюць Кіеўскі сквэр — Горадні. І нягледзячы на тое, што і адзіныя каштоўнасьці, і мэты, і нават ФАРМАТ той самы, усё роўна знаходзіцца, як і вакол чаго разьдзяліць.
Як гэта адбываецца?
— накручваць праз атачэньне, супрацьпастаўляць "мы" і "яны". Канкурэнцыя становіцца нездаровай і ператвараецца ў вайну. Замест win-win — lose-lose;
— знаходзіць шкілеты ў шафе і ціснуць на старыя крыўды. Асабліва ў партыйных лідэраў доўгая гісторыя разборак, і лёгка націснуць на балючае і адпомсьціць за мінулае;
— зьліваць інсайты і чужыя размовы. Ніхто ня любіць, калі яго абмяркоўваюць за сьпінай, а яшчэ лепш запускаць плёткі, маўляў, гэтыя кішэнныя, а гэтыя правакатары, і кожны бок думае, што маральная перавага на яго баку;
— стымуляваць разборкі на тэму грошай. Гэта як бэнзыну падліць на агонь. Вы і ўявіць ня можаце, як людзі лёгка чапляюцца, калі які-небудзь куратар КГБ скажа, што асоба А недаплаціла яму 100 рублёў, а асоба Б атрымала і не падзялілася зь ім. Чалавек лёгка накручвацца, і ідзе на паваду ў спэцслужбаў.
Задача такіх маніпуляцыяў — стварыць недавер і не дапусьціць кансалідацыі. Адзіны, хто выйграе ад такіх разборак — Лукашэнка ці Пуцін, незалежна ад таго, хто пачаў, ці хто мае рацыю.
Ці такое толькі ў Беларусі? Зусім не. У Расеі такімі мэтадамі перасварылі апазыцыю. Узгадайце толькі абарону Хімкінскага леса і зьліў размоваў Нямцова, дзе той выказваўся пра паплечнікаў. Нават у Армэніі, перад рэвалюцыяй Пашыньяну мала хто давяраў з паплечнікаў, і агентам, і правакатарам называлі. Перамог ён найперш масавай падтрымцы людзей, якія проста праігнаравалі ўнутраныя разборкі тады яшчэ апазыцыі.