«Наша Ніва» распытала Аляксандра Лухвіча пра гэтую гісторыю трохі падрабязней.
«НН»: Скажыце, гэта сапраўды вы прыйшлі ў каментары да навіны пра подзвігі сына?
Аляксандр Лухвіч: Так, я. Проста напісаў.
«НН»: Атрымліваецца, вам сорамна за тое, што адбылося?
АЛ: Так, канечне. Я ж бацька. Я думаю, у сына хопіць розуму таксама выбачыцца. Пакуль што ён у міліцыі, я тут таксама. Сын затрыманы, машыну арыштавалі.
«НН»: Скажыце, а чыё аўто? Сын сам купіў ці вы падарылі?
АЛ: Машына ўвогуле належыць маё жонцы. Сыну яе часам давалі, калі яму было трэба куды пад’ехаць. Свайго аўто ў сына не было.
«НН»: Кажаце, кар’ера трэнера для вас скончаная пасля гэтых відэа.
АЛ: Думаю, так.
«НН»: Але чаму?
АЛ: Каму патрэбныя скандалы? Гэта ў Расіі шоу-бізнэс і скандалы. А ў нас не любяць шум.
«НН»: Але гэтая гісторыя ж забудзецца. Ну не праз год, дык праз два.
АЛ: Забудзецца, канечне. Але ж асадак застанецца.
«НН»: І чым тады будзеце займацца, калі не футболам?
АЛ: Знайду чым. Снег пайду чысціць, траву касіць.
https://nn.by/?c=ar&i=224064