Кадравыя перастаноўкі ў кіраўніцтве сілавых структурах сьведчаць пра ўзмацненьне рэпрэсіяў, — меркаваньне аглядальніка Свабоды Сяргея Навумчыка
Нягледзячы на рэзка адмоўнае ўспрыманьне дзеяньняў сілавікоў пасьля выбараў як беларускім грамадзтвам, так і міжнароднай супольнасьцю, Аляксандар Лукашэнка, мяркуючы па сёньняшнім прызначэньням, палічыў іх недастаткова жорсткімі.
Найперш гэта тычыцца былога сакратара Рады бясьпекі Раўкова, які, паводле пасады, мусіў каардынаваць дзейнасьці сілавікоў. Людзі, якія добра ведаюць Раўкова яшчэ да прызначэньня міністрам абароны, ацэньваюць яго як чалавека разважлівага і ня здольнага ісьці на празьмерна жорсткія крокі. Цяпер гэтая функцыя аддадзеная колішняму старшыні КДБ Вакульчыку.
Ёсьць сьведчаньні, што на Акрэсьціна брутальнымі дзеяньнямі АМАПу кіравалі афіцэры КДБ.
Пасаду кіраўніка КДБ зойме генэрал Тэртэль, які вяртаецца ў «роднае» ведамства, дзе яшчэ тры месяцы таму ён быў намесьнікам старшыні, з пасады старшыні Камітэту дзяржкантролю.
Тэртэля ацэньваюць як кіраўніка жорсткага і схільнага да сілавых і рэпрэсіўных мэтадаў. Паводле дыпляматаў, якія прысутнічалі на сустрэчы зь Тэртэлем у МЗС у чэрвені, ён размаўляў зь імі як сьледчы з падазраванымі.
Гэта сьведчыць пра тое, што Лукашэнка пацьвярджае абраны ім курс на «завінчваньне гаек», у якім няма месца дыялёгу з грамадзтвам, лічыць аглядальнік Свабоды Сяргей Навумчык