«Нават немцы такога не рабілі», — сказаў выданьню
«Бинокль» берасьцейскі хірург
Аляксей Шпока, які ратаваў параненых падчас пратэстаў 10 жніўня. Паводле яго, у тую ноч лякарня нагадвала вайскова-палявы шпіталь. Хворых сартавалі паводле «прынцыпу мэдыцыны катастрофаў» — на тых, каго неадкладна трэба было апэраваць, менш цяжкіх і тых, хто мог чакаць.
«Уявіце, прывозяць сіняга чалавека практычна без прытомнасьці. Да нас прывезьлі такога хлопца — кулявых раненьняў у яго не было, але ён быў зьбіты з галавы да ног — проста ўвесь сіні», — расказвае Аляксей Шпока.
Паводле яго, з параненых вымалі 2 віды куляў — плястмасавыя і гумовыя; характар пашкоджаньняў і проста «вырваныя» кавалкі плоці памерам з кулак кажуць пра тое, што стралялі ва ўпор.