Мікалай Халезін піша, што даведаўся, хто выкрасліў "кашалькоў Лукашэнкі" з трэцяга пакета еўрапейскіх санкцый.
На выдаленні расійскага алігарха Міхаіла Гуцарыева настаяла дэлегацыя Германіі. А Аляксея Алексіна ў самы апошні момант угаварыла выкрасліць дэлегацыя Латвіі.
Пра Гуцарыева і Германію нічога пэўнага сказаць не можам. У звязку з бізнесамі гэтай сям'і нашмат часцей згадваецца Вялікабрытанія.
А вось пра Алексіна і Латвію ёсць што сказаць.
Яго жонка і сын — саўладальнікі дзвюх латвійскіх фірм: кампаніі па вытворчасці біяпаліва Mamas D і бровара Latgales Alus D. Сам бізнесовец даўно выйшаў з афіцыйнага спіса бенефіцыяраў кампаній, то бок дэ-юрэ замежнага бізнесу не мае.
Пры гэтым латвійскія актывы Алексіных паказваюць нядрэнныя фінансавыя вынікі. За апошнія гады дзве кампаніі ўнеслі ў бюджэт Латвіі каля 320 тысяч еўра.