Жабінка, Цукровы завод. Забастоўкі няма, але людзі запатрабавалі свабодных выбараў і вызвалення арыштаванага работніка
«Наша Ніва» звязалася з дырэктарам Жабінкаўскага цукровага заводу Ігарам Балтрамеюком. Ëн пацвердзіў, што актыў прадпрыемства сапраўды запрасіў яго, а таксама старшыню райвыканкаму Віталя Кулака на тэрміновую размову. На сустрэчу таксама прыехаў старшыня Жабінкаўскага РАУС Андрэй Лагота.
- Каля 12-й гадзіны шэсць чалавек з актыву папрасілі арганізаваць экспрэс-сход у клубе прадпрыемства. Там было агучана наступнае пытанне: у Жабінцы пасля працы прыкладна а 20-й быў затрыманы наш механік Юрый Мікалаевіч Васілюк [вядома, што 10 жніўня на мітынг у Жабінцы выйшла сотні людзей — НН]. Сёння над ім павінен быў адбыцца суд з прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці. Людзі патрабавалі аднесціся аб’ектыўна да разглядання справы над ім, і некаторыя праявілі ініцыятыву выступіць сведкамі на судовым працэсе, таму што бачылі ўсе падзеі. На што начальнік РАУС даў згоду, абяцаў выканаць дамоўленасць.
Ігар Балтрамеюк таксама адзначыў, што сярод патрабаванняў ад супрацоўнікаў чуліся “выгукі” з патрабаваннямі сумленных выбараў.
- Я б пакрывіў душой, калі б сказаў, што выгукаў з заклікам правесці сумленных выбараў, не было, - сказаў дырэктар.
Але забастоўкі на прадпрыемстве на гэты момант няма. Работнікі вылучылі патрабаванні, але завод пакуль працуе.