Гэты год — год захапленьня і бязьмернай удзячнасьці.
Дзякуй кожнаму, хто выходзіў на вуліцу, хто стаяў у чэргах, зьбіраў подпісы, дапамагаў параненым, распаўсюджваў улёткі, арганізоўваў двары, вывешваў сьцягі, дасылаў відэа і фотаздымкі тэлеграм-каналам.
Дзякуй Ігару Лосіку і ўсім нявінна рэпрэсаваным. Мы думаем пра вас, і змагаемся кожны дзень. Дзякуй Паўлу Севярынцу, Каці Андрэевай, Міколу Статкевічу, Юліі Слуцкай, Сяргею Ціханоўскаму, Каці Барысевіч і Віктару Бабарыку і ўсім палітвязьням. Дзякуй, што вы не даяце нам расслабіцца і нагадваеце сваёй ахвярнасьцю, што за свабоду трэба змагацца. Дзякуй Машы Калесьнікавай, што паказала нам усім, што значыць быць героем.
Дзякуй журналістам і блогерам. За вашую бясстрашную працу. Беларускія журналісты — цяпер адна сям'я. Вы паказалі усяму сьвету — што такое цэхавая салідарнасьць, што такое мужнасьць і адданасьць прафэсіі. Дзякуй адміністратарам тэлеграм-каналаў за тое, што ўзялі на сябе адказнасьць, і ў крытычны момант — паказвалі людзям праўду.
Дзякуй палітычным лідэрам, якія апынуліся ў вымушаным выгнаньні, але працягваюць змаганьне разам — Паўлу Латушку, Вользе Кавальковай, Сьвятлане Алексіевіч, Сяргею Дылеўскаму, Валеру і Вераніцы Цапкалам і ўсёй каардынацыйнай Радзе. Дзякуй нацыянальнай інтэлігенцыі, якая не засталася ў баку, дапамагае падказкамі і заўвагамі. Дзякуй нашым любімым праваабаронцам — якія пільнуюць справядлівасьць кожны дзень і кожную хвіліну. Дзякуй творцам, дзеячам культуры, музыкам. Сьвет ня бачыў такога творчага абуджэньня.
Дзякуй беларусам за мяжой. Дзякуй беларускай дыяспары за бел-чырвона-белыя акцыі салідарнасьці па ўсім сьвеце. За падтрымку, спрыяньне і за вашае адзінства. Дзякуй фондам салідарнасьці і ўсім ахвярадаўцам.
Дзякуй Сьвятлане Ціханоўскай, што не здалася, сабрала ўсе сілы і вядзе нас да перамогі. Сьвятлана — невычэрпная крыніца натхненьня і энэргіі. Дзякуй усім беларускім жанчынам, празь якіх сьвет даведаўся і палюбіў Беларусь
У 2020 мы вярнулі сабе краіну. У 2021 мы вернем і нашую дзяржаву.
Жыве Беларусь!