

Да муроў турмы на Акрэсьціна прыбыла місія каталіцкіх сьвятароў, якія дапамагаюць сваякам затрыманых справіцца са стрэсам і хваляваньнем. Там шмат людзей, якія некалькі дзён нічога ня ведаюць пра лёс сваіх блізкіх. Да карэспандэнта Свабоды падышлі жанчыны, якія папрасілі паспрыяць з пошукам. Мы зьвязаліся з прадстаўніцай МУС Вольгай Чамаданавай, якая занатавала прозьвішча і паабяцала дапамагчы.
Тым часам пачалі выпускаць зьняволеных. Адным зь першых выйшаў Андрэй Мурашка, яго ўжо сустракала брыгада «хуткай дапамогі». Яму 35 гадоў. Расказаў, што пры затрыманьні і ў ізалятары пастаянна зьбівалі, ужывалі электрашокер. Прыкладам аўтамату пашкодзілі нагу, ня можа на яе ступіць.
«Пасьля таго, што здарылася, Лукашэнка ніяк ня можа быць прэзыдэнтам», — сказаў ён журналісту Свабоды.