Сябры, афлайн крама
Symbal.by на пр-це Машэрава, 18 з 29 чэрвеня спыняе сваю працу. Запрашаем вас да канца тыдня набыць у нас што-небудзь, пакуль тавары крамы не арыштавалі і не канфіскавалі. У наяўнасці яшчэ шмат сцягоў, цішотак, кубкаў, павязак, торбаў ды іншай прадукцыі.
Чаму мы прынялі такое рашэнне? Бо супраць нас не спыняюцца праверкі, а толькі павялічваюцца.
На мінулым тыдні на вытворчасць прыйшла санстанцыя, якая выпісала пастанову аб спыненні вытворчасці і міліцыя, якая забрала на праверку 9 бел-чырвона-белых сцягоў.
Таксама працягваецца праверка падатковай і ОБЭП, да гэтага часу ў нас няма інфармацыі, на якой падставе канфіскаваныя ў нашага кур'ера 419 цішотак ПСІХОЗ%.
Ужо тыдзень ЖРЭО, ЖЭУ 2 і ЖКХ Савецкага раёну адмаўляюцца нам падключыць электрычнасць, хоць усе дамовы маем і падставаў не ўключаць яе нам няма.
На гэтым тыдні мы дадаткова атрымалі ліст ад Мінгарвыканкама з патрабаваннем прыбраць цягам трох дзён з будынка шыльды крамы, а сёння, 23 чэрвеня, прыйшоў прадстаўнік МНС разбірацца па ананімнай скарзе на нас, што нібыта з памяшкання ідуць непрыемныя пахі і жыхары скардзяцца, што апазіцыйная крама займаецца незразумелай вытворчасцю.
Не выключаем варыянтаў, што ў бліжэйшыя дні па гэтых прычынах нам выставяць чарговыя патрабаванні спыніць працу крамы.
Таму просім вас наведаць і падтрымаць нашую краму ў бліжэйшыя дні, пакуль нас не прымусілі спыніць працу.
Калі вы жывеце не ў Мінску ці не ў Беларусі, то праз сайт
Symbal.by можна падтрымаць нас і аплаціць карткай стыкеры салідарнасці.
Каб сачыць за далейшымі падзеямі і лёсам крамы, падпішыцеся на нашыя старонкі ў сацыяльных сетках.